УМАЦАВА́НАЯ ЛІ́НІЯ,

сістэма ўмацаваных раёнаў і абарончых пазіцый, абсталяваных доўгачасовымі фартыфікацыйнымі збудаваннямі і загародамі. Узводзіліся звычайна ўздоўж дзярж. граніцы для прыкрыцця важных стратэг. напрамкаў; мелі пастаянныя гарнізоны, якія з пач. баявых дзеянняў узмацняліся палявымі войскамі. Як правіла, складаліся з шэрагу вузлоў супраціўлення, апорных пунктаў, сектараў і інш. абарончых пазіцый.

У.л. будавалі з глыбокай старажытнасці, у т. л. ў Рыме (рымскія валы), Егіпце, Кітаі, пазней і ў інш. дзяржавах. У 16—17 ст. на паўд. межах Рэчы Паспалітай і на паўд.-ўсх. ускраінах Рус. дзяржавы існавалі засечныя межы і інш. абарончыя пазіцыі ў сістэме У.л. У Паўн. Амерыцы ў час вайны за незалежнасць ЗША (1775—83) У.л. будаваліся з удзелам А.Т.Касцюшкі (фартыфікацыйныя збудаванні пад Саратогай, ва Уэст-Пойнце і інш.). Пасля 1-й сусв. вайны 1914—18 У.л. ствараліся ў шэрагу краін Еўропы: «Мажыно лінія» ў Францыі, «Манергейма лінія» ў Фінляндыі, «Зігфрыда лінія» ў Германіі, «Лінія Сталіна» (замежная назва) у СССР і інш.

І.​А.​Шор.

т. 16, с. 230

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)